Новае свята — Дзень народнага адзінства — стане рытуальным момантам, чарговай спробай фармавання нейкага хаця б падабенства ідэалогіі. Пашумяць трохі — і больш нічога. Такія даты ў нашых умовах не маюць шанцу замацавацца.
Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня падпісаў указ аб заснаванні дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства, які будзе адзначацца 17 верасня, але не будзе пры гэтым выходным днём. У афіцыйным паведамленні наконт новага свята гаворыцца, што дзень 17 верасня 1939 года «стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, які ў 1921 годзе супраць ягонай волі быў падзелены па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы, і назаўсёды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі». «Сёння беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны», — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Навошта дзяржаве спатрэбілася сёння святкаваць вельмі неадназачную дату дзеля адзінства? Чаму не ў 90-х, калі пакаленне таго дзесяцігоддзя было яшчэ значнай часткай нашага грамадства, а 17 верасня так і не было адрэфлексаванае тым грамадствам? І зараз нават сярод спецыялістаў ёсць падзел у ацэнцы гэтага дня для Беларусі: ці то вызваленне і аб’яднанне, ці пераход з не вельмі дэмакратычнай Польшчы ў сталінскае пекла. Пра гэта размаўляем с гісторыкам Аляксандрам ПАШКЕВIЧАМ.
— Чаму ўспомнілі 17 верасня зараз? Ну, гэта навідавоку. У сувязі з тымі мінулагоднімі і сёлетнімі падзеямі, з ростам грамадскай актыўнасці ў дзяржавы павялічылася патрэба такой вось агітацыйна-прапагандысцкай працы, патрэба ў фармаванні нейкага хаця б падабенства ідэалогіі, бо старая ідэалогія фактычна рухнула. Апошняя была абапертая на нейкую там стабільнасць, на дабрабыт — на такое, чаго відавочна няма. І вось для таго, каб неяк апраўдаць усё тое, што рабілася і робіцца з мінулага года, апраўдаць утрыманне ўлады адной групоўкай, і з’яўляюцца спробы надаць гэтаму нейкае ідэйнае абгрунтаванне. Ну і падмацаваць абвешчаны год народнага адзінства, якога (адзінства), канечне, няма і блізка. Трэба рабіць нейкае прапагандысцкае абслугоўванне гэтай ідэі народнага адзінства, і, зразумела, што першая дата, якая ляжыць на паверхні, якая ў галаве Аляксандра Лукашэнкі, у галовах ягоных паплечнікаў яшчэ са школы завучаная, — гэта 17 верасня. Тым больш так супала, што зараз у беларускай дзяржавы вельмі вялікія праблемы з суседзямі, пастаянныя спрэчкі на розныя тэмы, беспрэцэдэнтнае за ўвесь час абвастрэнне адносінаў, у тым ліку з палякамі. Таму, адпаведна, другая мэта — паказаць дулю тым суседзям, з якімі непаразуменні.
— Але ж у краіне ёсць даволі вялікая польская дыяспара, ды і ў беларусаў, якія жывуць у заходніх раёнах краіны, не такое адназначнае ўспрыманне гэтай даты, як падаецца ў афіцыйным прэс-рэлізе з нагоды ўказа...
— Думаю, гэта нікога не цікавіць, якая там будзе рэакцыя беларускіх палякаў, рэакцыя жыхароў Заходняй Беларусі, усіх тых, хто негатыўна ставіцца да гэтай даты. У любым выпадку, нават без гэтых фактараў, у цяперашніх умовах, калі таго адзінства няма і не прадбачыцца, Дзень адзінства выглядае ўвогуле такім сабе анекдатычным святам, так бы мовіць, са слязамі на вачах. Вядома, гэтая дата святочнай рэальна не будзе. Тым больш яна не абвешчаная выходным днём. Каб яшчэ быў выходны, то нехта пэўна б заўважаў яго і святкаваў — не як свята, зразумела, а як дадатковы адпачынак. А калі гэта проста дата, якая ў афіцыйным календары будзе пазначаная як Дзень народнага адзінства, то, вядома, будуць нейкія мерапрыемствы праводзіць ідэолагі, нейкімі тэкстамі і перадавіцамі будзе адзначацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, але звычайныя людзі гэты дзень святкаваць не будуць аніякім чынам. Так званае свята народнага адзінства стане ў адзін шэраг з такімі датамі, як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі 2 красавіка, Дзень дзяржаўнага герба і сцяга, каторы ў другую нядзелю мая святкуецца. Нейкія такія рытуальныя моманты будуць, пашумяць трохі — і больш нічога. Такія даты ў нашых умовах не маюць шанцу замацавацца.
— То бок, нават не «Дажынкі» з добраўпарадкаваннем райцэнтраў і святочнымі сталамі...
— Так, там менавіта што «Дажынкі» праводзяцца ў раённых гарадах. I важна не тое, што самі «Дажынкі» як такія, а жыхарам рэгіёнаў сапраўды важны той антураж, які ствараўся вакол гэтага свята і які прывабліваў удзельнікаў: кірмашы, нейкія канцэрты, сталы і г. д. Не думаю, што тут нават на дзяржаўным узроўні змогуць стварыць такі ажыятаж вакол новага прапанаванага свята. Можа, зробяць нейкі канцэрт, але, ўлічваючы велізарны раскол у цяперашнім грамадстве, улічваючы непрыманне большасцю грамадства гэтага афіцыёзу, канцэрт не будзе мець аніякага значэння, хутчэй можна чакаць адваротнай рэакцыі, а не рэальнага святкавання людзьмі.
— Але праз навучальныя ўстановы — школы, ВНУ, праз навуковыя, можа, і атрымаецца апрацаваць у свядомасці гэтую дату да патрэбнага аўтарам ідэі зместу і бляску?
— Канферэнцыі і іншыя падобныя мерапрыемствы правесці яны змогуць, але ж гэта ўсё даволі абмежавана, і, як гэта заўжды, калі гэта афіцыёз, то без жыцця і душы. Будуць дзейнічаць людзі спецыяльна навучаныя, тыя, каго абавяжуць гэтым займацца, але грамадскага рэзанансу гэта дакладна мець не будзе. Да таго ж, гэтыя розныя канферэнцыі, па вялікім рахунку, і так праводзяцца, асабліва пад юбілейныя даты, публікуюцца прынагодныя артыкулы, арганізуюцца круглыя сталы, выставы ў мясцовых музеях ладзяцца. Гэта, па вялікім рахунку, традыцыйная актыўнасць. У прынцыпе, і апраўданая актыўнасць, таму што дата, як ні кажы, усё ж сапраўды важная для гісторыі Беларусі, важная для ўсёй Беларусі, асабліва для заходніх рэгіёнаў. Таму тут проста пытанне рэзанансу, які гэтая актыўнасць мае. Правесці можна ўсё, што заўгодна, у любы час і ў любым месцы, але калі ты проста правёў, а ніхто асабліва як ні цікавіўся, так і не цікавіцца, хто не ходзіць пад абавязкам на тыя выставы, а калі нават кагосьці і прывялі сілком, то і тыя не прынялі душой, — дык які гэта вынік? Дзеля птушачкі можна праводзіць шмат чаго, але каб тое некаму ўпала на сэрца, то гэта не так проста. Думаю, у дадзеным выпадку такога ніхто не даб’ецца, таму што гэта ўсё вельмі штучна і зверху.
— Пра тое, што стасункі з заходнімі суседзямі моцна сапсаваныя, ужо згадвалі. А як вось гэты крок можа адбіцца? МЗС Польшчы ўжо адрэагаваў, у яго заяве сказана пра немагчымасць зразумець выкарыстанне наступстваў пакта Сталіна і Гітлера як фундамент гістарычнай палітыкі Беларусі.
— Не думаю, што канкрэтна прызначэнне гэтай даты ў якасці святочнай паўплывае на суседскія стасункі, у тым ліку і ваенныя. Проста па той прычыне, што хапае больш сур’ёзных рэчаў, якія на стасункі ўплываюць і ўжо сапсавалі гэтыя стасункі так, што фактычна далей ужо няма куды. Прыкладам, тыя арышты актывістаў Саюза палякаў, двое з якіх дагэтуль сядзяць у СІЗА, кантрабанда, нелегальныя мігранты, розныя эканамічныя моманты, агулам парушэнні правоў чалавека, на якія Польшча, як дэмакратычная дзяржава, мусіць рэагаваць. Прызначэнне гэтага свята на 17 верасня, на маю думку, пройдзе такім сабе фонам — не больш таго, менавіта з-за наяўнасці больш сур’ёзных прычын для эскалацыі напружанасці ва ўзаемаадносінах.
— Дзіўна, але нават у новапрызначаных святах беларуская дзяржава ў адным трэндзе з Расіяй: у іх таксама ёсць Дзень народнага адзінства (4 лістапада), і там таксама фігуруюць польскія ворагі, што праўда ворагі з XVII стагоддзя. Але каштоўнасная агульнасць з Расіяй, падаецца, яшчэ больш цэментуецца.
— Сапраўды, усё гэта ўкладаецца ў адну тэндэнцыю — скіраванасць на канфрантацыю з заходнім светам, безумоўна, тут адно да другога. Але гэтыя святы я б на адну дошку не ставіў, таму што, па вялікім рахунку, абранне ў нас даты 17 верасня — гэта ўсё ж праява не нейкіх прарасійскіх настрояў, а, хутчэй, праява ментальнай савецкасці. Гэтая ментальнасць засвоеная калісьці вышэйшым беларускім кіраўніцтвам яшчэ з савецкай парты, савецкіх падручнікаў, савецкіх ідэалагічных трэндаў таго часу. Дарэчы, думаю, у Расіі гэтая дата 17 верасня не надта вядомая, наўрад ці ўмоўны сярэдні расіянін ведае, што такое 17 верасня, гэта ўсё ж такі больш для Беларусі і Украіны вядомая дата, у агульнаімперскім дыскурсе яна дробная. А вось усе тыя падзеі Смутнага часу — гэта агульнарасійскае, у тым самым імперскім дыскурсе добра прысутнічае. Хаця, наколькі я ведаю, у Расіі свята 4 лістапада таксама не стала народным, так бы мовіць, ад душы, па ўласнай ініцыятыве надта моцна яго не святкуюць.
— Прызначэнне афіцыйнага свята паўплывае на навуку?
— Гэта мадэль нікуды з афіцыёзнай дзяржаўнай гістарыёграфіі і не сыходзіла. Наша гістарыяграфія — гэта не адзіная беларуская гістарыяграфія, якая па ўсіх пытаннях мае агульную ўзгодненую думку. Тыя афіцыйныя гісторыкі, якія пісалі працы, падручнікі па гэтаму перыяду, яны і раней трымаліся такога ж погляду, які прапануецца зараз пад гэта свята. Толькі «акт гістарычнай справядлівасці», «аб’яднанне», а ўвесь негатыў альбо зусім не ўзгадвалі, альбо дзесьці там на другасным плане. Іншая справа, што паралельна існавала неафіцыёзная, ці незалежная гістарыяграфія, дзе ўсё гэта стараліся пераасэнсаваць, пабачыць тое, што затушоўваецца ў афіцыёзнай гістарыяграфіі. Часам нават з гэтым і перабіралі, мянялі чорнае на белае, белае на чорнае і стваралі таксама карціну не вельмі аб’ектыўную. Думаю, цяпер у гістарычнай навуцы ад увядзення новага свята нічога не зменіцца. Хто з гісторыкаў раней не прымаў афіцыйнай канцэпцыі, той і цяпер не будзе прымаць, той, хто прапагандаваў савецкі погляд на 17 верасня 1939 году, цяпер магчыма атрымае дадатковы імпульс да выданняў сваіх твораў, магчыма, дадатковае фінансаванне. Але выдаць кнігу — гэта яшчэ не значыць асабліва паўплываць на грамадскую думку, бо не факт, што яе будуць чытаць, прымаць і што на яе тле будуць гадаваць новыя пакаленні. Тут уплыў зараз маюць іншыя фактары: настроі ў грамадстве, стаўленне грамадства да савецкай спадчыны, да Расіі, да дзяржаўных уладаў.