Каштоўнасці беларускiх падзей маюць пачатак у традыцыйных каштоўнасцях беларускай вёскі, перакананая прафесар Ганна ЭНГЕЛЬКІНГ — этнолаг, якая працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук. Сярод тэмаў яе даследаванняў — антрапалогія беларускай вёскі і гісторыя польскай этналогіі. З пачатку дзевяностых да 2015 года прафесар Энгелькінг праводзіла палявыя даследаванні ў Беларусі. Выдала манаграфіі «Klątwa, Rzecz o ludowej magii slowa», «Kołchoźnicy» і некалькі дзясяткаў артыкулаў, якія тычацца, у прыватнасці, калектыўнай ідэнтычнасці беларускіх сялян.
Грунтоўнае даследаванне Ганны Энгелькінг «Kołchoźnicy» («Калгаснікі») — гэта вынік больш чым дзесяцігадовых палявых даследаванняў, праведзеных у вёсках на ўсходзе і захадзе Беларусі. У выніку прафесар прадставіла антрапалагічны аналіз калектыўнай ідэнтычнасці беларускіх сялян. Ён дае ўяўленне пра працяг развіцця традыцыйных каштоўнасцяў беларусаў, якія надалей захоўваюцца, нягледзячы на трагедыі XX стагоддзя — калектывізацыю, войны, атэізацыю. Ядро вобразу калгасніка — гэта вобраз дбайнага гаспадара, які рэалізаваў сябе дзякуючы працы на зямлі. Беларуская вёска, арыентаваная на ўзаемаадносіны чалавека і сусвета, захоўвае ўніверсальнае вымярэнне, нарадзіла сялянскую ненацыяналістычную ідэнтычнасць. Ідэямі, якія генеравала беларуская вёска XX стагоддзя, лічыць прафесар Энгелькінг, шмат у чым і кіруюцца сучасныя беларускiя падзеi.
З прафесарам Ганнай Энгелькінг размаўляла карэспандэнт газеты «Белорусы и рынок».
— Навуковая супольнасць Польшчы пільна сочыць за падзеямі на Беларусі, аказвае падтрымку рэпрэсаваным. Як выглядае дапамога польскага навуковага асяродка беларускім калегам, якія пацярпелі ад рэпрэсій?
— Усе пачалося ў жніўні і спачатку было сімвалічна: лісты польскіх і замежных навукоўцаў у падтрымку і на знак салідарнасці з беларусамi, якія былі адрасаваныя да беларускіх навукоўцаў. Адзін з такіх лістоў падпісалі даследчыкі Беларусі і беларусісты з усяго свету — больш за сто чалавек. І былі лісты ўласна польскія, адзін з лістоў быў напісаны навуковай радай Інстутута славістыкі польскай акадэміі навук у падтрымку студэнтаў, якія страйкавалі. Таксама быў ліст Польскага аб’яднання этнолагаў. Гэта разышлося даволі шырока, у Беларусі гэтыя лісты публікавала незалежная прэса. Апошнім актам салідарнасці стала рэакцыя польскіх этнолагаў і антраполагаў на арышт антраполага Уладзіміра Шыпілы, маладога дактаранта Інстытута гісторыіі Акадэміі навук Беларусі, якога арыштавалі пасля аднаго з пратэстаў.
Гэта былі сімвалічныя акты, якія, наколькі я ведаю, мелі свой рэальны ўплыў у беларускіх інстытуцыях. Гэтыя асобы былі менш рэпрэсаваныя, бо ўлады разумелі, што Еўропа бачыць. Але, канечне, гэтыя навукоўцы страцілі працу.
Больш важная дапамога — польскі ўрад асігнаваў сродкі на стыпендыяльныя праграмы для рэпрэсаваных. У нас ёсць праграма Каліноўскага, па якой у гэтым годзе пачынаюць навучанне больш за 400 чалавек. Распачатая праграма для рэпрэсаваных навукоўцаў. На гэтую праграму прымаюцца людзі на цэлы акадэмічны год, яна разлічаная на беларускіх даследчыкаў рознага ўзроўню. Людзі пасля вышэйшай адукацыі, кандыдаты навук могуць патрапіць на навуковыя стажыроўкі. Яны могуць рабіць тут свае навуковыя праекты, маюць польскіх апекуноў, і гэтая праграма будзе распачатая з наступнага акадэмічнага года.
Аналагічная праграма для падтрымкі беларускіх навукоўцаў анансавана Германіяй. Гэтым займаецца Нямецкі гістарычны інстытут у Варшаве. Гэта праграма накіравана для беларускіх гісторыкаў, якіх звольнілі з працы.
— Як дапамагалі звольненым беларускім навукоўцам вы асабіста?
— Гэта іншы, асабісты ўзровень. Мы маем індывідуальныя кантакты з людзьмі з Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы, і стараемся ім дапамагаць. Да мяне звяртаюцца па параду і па дапамогу розныя даследчыкі з Беларусі, напрыклад я дапамагаю кансультацыямі з падачай заявы на далучэнне да розных польскіх праектаў, праграм, але гэта не толькі я — усе калегі, якія маюць кантакт з беларускімі даследчыкамі, з’яўляемся для іх дарадцамі, дапамагаем складаць гэтыя заявы. Таксама дапамагаем у бытавых справах.
— Ці можа пасварыць беларускі і польскі народы прызнанне 17 верасня дзяржаўным святам? Каму трэба распальваць канфлікт паміж польскім і беларускім народамі?
— Паміж народамі няма канфлікту. Канфлікты заўсёды ствараюць палітыкі. І ў Польшчы, і ў Беларусі ёсць такія групы, якiмi можна маніпуляваць такім чынам, каб выкарыстаць для стварэння канфлікту. У нас ёсць супольнасці людзей, якія мысляць катэгорыямi Пуціна — Лукашэнкі — Эрдагана, катэгорыямi аўтарытарных рэжымаў. Але ў польскім грамадстве іх меншасць, хоць часам іхнія галасы гучаць вельмі шумна.
— Вы добра памятаеце 90-я гады ў Беларусі. Сваю манаграфію пра беларусаў тых часоў вы назвалі «Калгаснікі». Цяпер тое пакаленне, якое працавала ў калгасах і прывяло фактычна да ўлады Александра Лукашэнку, памерла. Што можаце сказаць пра сённяшніх беларусаў, асабліва пра моладзь?
— Новае беларускае пакаленне — гэта фенаменальнае ўвасабленне еўрапейскасці ў яе найбольш пазітыўным выглядзе, гэта значыць — дэмакратычная адкрытасць, ініцыятыва, супольныя дзеянні дзеля паляпшэння цэлага грамадства, адначасова — падтрымка роўнасці. Гэта найбольш пазітыўныя дэталі еўрапейскага праекта, якія добра засвоіла пакаленне новай Беларусі, накіраванае ў Еўропу. А другі аспект: гэтае пакаленне — носьбіт традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў, якія арганічна гарманізуюцца з такой еўрапейскай ненацыяналістычнай дэмакратычнай адкрытасцю. Традыцыйныя каштоўнасці, якія былі паказаныя падчас рэвалюцыйных падзеяў мінулага, — мірны неагрэсіўны рух, без нянавісьці, які прымае і тых, хто ёсць на іншым баку, яны таксама нашы, і мэтай ёсць далучэнне іх у праект новай Беларусі. Традыцыйныя каштоўнасці беларусаў (маю на ўвазе перадусім жыцце, годнасць і справядлівасць) аказаліся надзвычай актуальнымі і сучаснымі для Еўропы.
Базай для мірнага праекту новай Беларусі стала такая вартасць, характэрная для беларускай культуры, як каштоўнасць жыцця. Нельга не адзначыць i ролю жанчын, можна паглядзець на Святлану Ціханоўскую і на жанчын, якія выступілі супраць гвалту. Яны ўвасабляюць неагрэсіўны дух жанчын, які мае два крылы — годнасць і справядлівасць. Гэта галоўныя лозунгі і галоўная вартасць беларускiх зменаў. Гэтыя каштоўнасці не з’явіліся з паветра толькі сёння. Яны маюць вельмі глыбокія карані ў традыцыйнай беларускай культуры, у якой перадусім стаіць чалавек, а не нейкая ідэалогія.
— Якія працэсы ідуць у сучаснай Беларусі? Калгаснікі змяняюцца і становяцца еўрапейскай нацыяй?
— Я б не хацела, каб той ментальны фенамен, які я назвала «калгаснікамі», каб ён гучаў негатыўна. Не! Я ўбачыла ў беларускіх калгасніках, і ўвогуле ў людзях, якія жывуць на вёсцы і знаходзяцца пад ціскам калгаснай негуманнай сістэмы, тыя вартасці, якія не паддаліся гэтай сістэме.
Вельмі важнай фундаментальнай вартасцю з’яўляецца менавіта годнасць. І гэта тое, што працягваецца і сёння, гэта стрыжань беларускай рэвалюцыі. На Беларусі адбылася рэвалюцыя годнасці, i з гэтым згадзілася вялікая колькасць аналітыкаў.
А другой з такіх фундаментальных каштоўнасцяў беларусаў з’яўляецца праца. Пазітыўная, якасная, якая надае сэнс жыццю «калгаснікаў» і ўласна выклікае ў іх гэтае пачуццё годнасці. годны чалавек будуе сваімі сіламі сваю сям’ю і сваю супольнасць. Ён ганарыцца вынікамі сваёй працы і шануе працу іншых. Такіх людзей мы ўбачылі ў мінулым годзе на вуліцах беларускіх гарадоў.
— Што яднае беларускую сітуацыю з Польшчай 80-х гадоў? Параўнайце беларускую сiтуацыю і польскі супраціў.
— Гэта розныя падзеі, яны мелі месца ў розных палітычных кантэкстах, і ад пачатку польскага супраціва прайшло 40 гадоў, але галоўнае — гэта ідэя і фенамен салідарнасці. Беларускiя пратэсты паказалi, што беларускае грамадства выключна салідарнае: шматтысячныя маршы, маніфестацыі, акцыі жанчын, дактароў, артыстаў, студэнтаў, айцiшнікаў. Салідарызаваліся розныя сацыяльныя групы, а малыя гарады — са сталіцай. Калі гаварыць пра настроі і грамадскія ініцыятывы, то абодва рухі маюць шмат агульнага, хоць сённяшняе беларускае грамадства, згодна з маёй ацэнкай, нашмат больш спелае, чым у тыя часы было польскае. Узровень рэпрэсій, які зараз вытрымлівае беларускае грамадства, можна параўнаць толькі з узроўнем рэпрэсій часоў фашысцкай акупацыі. У Польшчы 80-х такога беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій не было.
— Якой стане Беларусь у хуткім часе?
— Усе мы жадаем новай, дэмакратычнай Беларусі сапраўднай незалежнасці. Беларусі, якая вырашае сама для сабе, якая з’яўляецца годным партнерам на міжнароднай арэне і будзе так успрымацца цэлым светам.