З чорным катом на плячы, або Зніклая кніга Рыгора Барадуліна

2022-04-28 00:30:07
"Сяргей Шапран, "Белорусы и рынок""
Рыгор Барадулін і кот Мірон

Не так ужо часта сур’ёзныя класікі пішуць несур’ёзныя вершы для дзяцей, але Рыгор Барадулін быў выключэннем. Вось і цяпер, праз восем гадоў пасля ягонай смерці, у выдавецтве «Кнігазбор» выйшла новая кніга паэта — «У ката Мірона чорная карона». 

Вядома, што яшчэ ў 1995 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» была падрыхтавана да друку кніга Барадуліна з у нечым сугучнай назвай — «З чорным катом на плячы». Аднак яна не выйшла ні тады, ні пасля. Яе рукапіс бясследна знік, і толькі цяпер адшукалася вокладка.

«Чорнае натхненне»

Па словах жонкі паэта Валянціны Міхайлаўны, кот Мірон быў чорны, пяшчотны і рамантычны. Дачка Ілона знайшла яго на вакзале, калі яму было ўжо гадоў шэсць. Барадулін назваў яго Міронам у гонар ката́ дзяцінства і прысвяціў яму мноства вершаў. Нават «Калыханку» спяваў:

Спі, засні, мой кот Мірон,

Хай табе прысніцца сон.

Як заснеш, тады прысніш,

Што цябе пілнуе мыш,

Пацукі наперабой

Хочуць бегчы за табой.

Як, Мірон, прачнешся ты,

Звяжаш пацукам хвасты.

Спі, Мірон, ды ў кіпцюрах

Утрымай мышыны страх.

Кот павінен быць катом,

Сам гуляць з сваім хвастом!

Пра барадулінскага Мірона ведалі многія дзякуючы аповедам самога дзядзькі Рыгора і знакамітаму фотаздымку Віктара Стралкоўскага, на якім паэт быў з чорным катом на плячы.

Васіль Быкаў, з якім Барадулін сябраваў, рэгулярна перадаваў у лістах прывітанні Мірону, калі жыў за мяжой, — так і пісаў, пералічваючы ўсіх сямейнікаў: «Дарагія нашы стары дзед-Рыгор, маладзенькая баба-Валя, маленькая Дамінічка і юны кот-Мірон, з Новым годам вас!» Ці: «Абдымаю цябе, дружа. Прывітанне Валічцы. Пацалункі — Дамінічцы і кату Мірону». Або мог прыклеіць малюнак з коткай і напісаць: «Гэта ад фінскай кошачкі — Мірону». Ці падпісваў паштоўку з выявай двух шчанюкоў: «Гэта два нямецкіх цюцькі шлюць віншаванкі вашаму Мірону. Хочуць пазнаёміцца».

Гэтак жа і Барадулін дапісваў у адказ напрыканцы лістоў: «Прывітанне ад усяе нашае сямейкі, уключаючы Мірона». Альбо мог паведаміць: «У мяне быў збег Мірон. Прамяняў ежу на волю. Ледзьве назад вярнулі ў хатні развіты сацыялізм». Ці пісаў з ліпеньскага спякотнага Мінску: «Адзіным змагаром у гэтай разваранай атмасферы застаецца мой Мірон. Праўда, ўвесь пакудлачаны, паскумачаны, паклычаны, але бадзёры духам». А іншым разам прызнаваўся: «Адна радасць, пацеха — Дамінічка, якая часта цябе ўспамінае, па-свойму ганарыцца, што ведае цябе, шануе твае падарункі. І яшчэ крыху грэе душу маё чорнае натхненне — Мірон». Ці мог яшчэ напісаць: «Дамінічка ды кот Мірон радуюць. Дамінічка пакуль, а Мірон да канца».

Любімы кот паэта памёр неўзабаве пасля таго, як не стала Быкава. «Пайшоў мурлыкаць песні Васілю», — гаварыў дзядзька Рыгор.

Зніклая кніга

Ідэя кнігі «У ката́ Мірона чорная карона», што выйшла гэтай вясной у выдавецтве «Кнігазбор», з’явілася ў яе ўкладальніцы, паэткі Аксаны Спрынчан, выпадкова — пасля таго, як мастак Міхась Дайлідаў прапанаваў напісаць вершы да цыкла малюнкаў катоў. Раней жа дачка Аксаны пісала ў школе працу на тэму «І кот як нейкі дух сярэднявечча. Вобраз ката́ ў жыцці і творчасці Рыгора Барадуліна». Так, як кажуць, і склаўся пазл: стала зразумела, што кніжка, па сутнасці, ёсць, толькі трэба сабраць разам барадулінскія вершы пра катоў. Тым больш што ў дзядзькі Рыгора былі не толькі прыдатныя вершы, а нават кнігі з ката́мі ў назве: «Кошки в лукошке» і «Ішоў коця па канапе». Першая была перакладная, другую аздабляў мастак Мікалай Казлоў, які аформіў мноства барадулінскіх кніг: «Вечалле», «Евангелле ад Мамы», «Свята пчалы», «Прынамсі…», «Мудрэц са ступаю», «Трэба дома бываць часцей…», ягоныя зборы твораў.

Зрабіў Мікалай Казлоў вокладку і для яшчэ адной кнігі. Называлася яна «З чорным катом на плячы», мела падназву «Лірыка, пазыкі, дурноты» і ў 1995 годзе рыхтавалася да выхаду ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Пра гэта я даведаўся выпадкова — калі пасля смерці Барадуліна адшукаў у яго хатнім архіве макет вокладкі. Кніга павінна была быць памерам у 14,5 аўтарскіх аркушаў, або 464 кніжныя старонкі. У заключэнні на рукапіс рэдактар кнігі паэт Леанід Дранько-Майсюк пісаў: «Майстэрства паэта захапляе, працавітасць здзіўляе. Новая аб’ёмная кніга «З чорным катом на плячы» сведчыць менавіта пра гэта. Жыць у стыхіі вершаваных радкоў для Рыгора Барадуліна вельмі натуральны стан. Мяркую, чытач вельмі ўпадабае ў новым барадулінскім зборніку чатырохрадковыя сатырычныя мініяцюры «Дурноты», а таксама вершы адраджэнскага гучання».

Аднак кніга не ўбачыла свет ні тады, ні пасля.

Зрэшты, гэта быў не адзінкавы выпадак. Барадулін не раз распавядаў мне пра свае кнігі, што так і не ўбачылі свет: і пра невыдадзеныя пераклады п’ес, і пра Збор твораў, які быў заяўлены як пяцітомнік, але выйшлі толькі чатыры тамы, і пра важкі том паэзіі ў перакладзе па-руску (ён рыхтаваўся да выхаду ў Маскве, але не стала Савецкага Саюза, і рукапіс аўтару вярнулі).

Распавядаў паэт і пра паэтычную кнігу, што была амаль гатова ў адным з беларускіх дзяржвыдавецтваў, але, як на бяду, здарыўся гучны скандал вакол кнігі іншага вядомага паэта, і пра Барадуліна ў выдаваецтве «забылі». Гаварыў і пра цэлы воз неапублікаваных вершаў, дадаючы: «Я ж ратуюся толькі словам, словам-радком, хоць такое ўражанне, што нікому гэта не патрэбна… Некалі ў Васіля Віткі былі радкі пра тое, што ён напісаў верш пра жаваранка і вось нясе яго ў рэдакцыю, і ўзнікае пытанне: «А што, калі не надрукуюць?» — «Ад жаваранка так пачуюць». Так і я цяпер пішу і жыву з такім настроем. Можа, некалі выйдзе, а не выйдзе — дык не выйдзе… Помніце, нехта з расійскіх паэтаў сказаў? —

С утра болела голова.

Хоть мне ужасно надоела

Старинная игра в слова,

Но я не знал другого дела.

Я пішу таму, што ёсць яшчэ патрэба хоць з самім сабой пагаварыць».

Пра ўсё гэта й гаварыў мне дзядзька Рыгор. Пра ўсё, апроч гэтай кнігі, што знікла амаль без аніякага следу. Усё, што засталося цяпер на ўспамін пра яе, гэта макет вокладкі з выявай вясёлага ката́ анфас і з патыліцы і з гарэзлівай, абсалютна ў барадулінскім духу назвай — «З чорным катом на плячы».

Читайте нас в Telegram. Подписывайтесь на канал газеты "Белорусы и рынок"
Читайте нас в:

Подписывайтесь на нас в соцсетях

Cамые свежие новости всегда с вами!