Культура нязгоды, культура, якая заўсёды была школай свабоднага мыслення і незалежнага асэнсавання рэчаіснасці, у сітуацыі крызісу ўспрынятая дзяржавай як крыніца праблемаў.
Ад мінулага лета мы назіраем пільную ўвагу дзяржавы да культурніцкага асяроддзя. Не сакрэт, што некаторых асяродкаў беларускай культуры ўжо няма ў краіне, а мноства асоб, так ці інакш звязаных з культурніцкімі ініцыятывамі, пакінулі Беларусь. Чаму так і ці не адаб'ецца хваля ад'ездаў на будучым беларускай культуры? Пра гэта разважае філосаф, культуролаг і медыяаналітык Максім ЖБАНКОЎ.
Парушэнне каштоўнаснага балансу
Не сакрэт, што ў нас — і ўжо доўгі час — існуе не нейкая адзіная культура, а культурныя плыні рознай якасці, рознай накіраванасці, абгрунтаваныя на розных базавых ідэях і прынцыпах. Калі мы кажам пра дзяржаўную культуру, то яна заўсёды, і тым больш апошнім часам — культура лаяльнасці, культура кіраванага патрыятызму. Галоўнай мэтай тут было не развіццё, не пошук нейкіх новых формаў, а хутчэй падтрымка традыцый квазісавецкага кшталту. То бок гэта культура, кажучы па-руску, «охранительного плана». Натуральна, тая стабільнасць, пра якую шмат хто казаў на дзяржаўным узроўні, у сферы культуры забяспечвалася акурат вось гэтай аднастайнасцю, выхаваннем лаяльнасці да дзяржавы і выхаваннем разумення, што дзяржава і грамадства — гэта адно і тое ж, і ўсё гэта трэба бараніць, бо гэта наш лёс, гэта наша краіна і г. д., і г. д.
З другога боку, на ўзроўні культуры, скажам так, недзяржаўнай, альбо альтэрнатыўнай, адбываліся значна больш цікавыя і няпростыя падзеі. Там быў крэатыўны пошук, эксперыменты, спробы будаваць новыя стасункі з гістарычным мінулым, з культурніцкай традыцыяй, з глабальным сусветным кантэкстам — нелінейнае развіццё. Дзяржаўная культура заўсёды была кіраванай і падпарадкаванай умоўнай ідэалагічнай лініі (бо сваёй адмысловай ідэалогіі наша сістэма ніколі не мела і дагэтуль не мае, гэта ўсё ж больш другасныя рэчы, запазычаныя з савецкіх часоў нейкія прыярытэты і каштоўнасці). А іншая культура вылучалася акурат сваёй неаднастайнасцю, такой сабе пярэстасцю, лапікавасцю, мазаічнасцю і значна больш шырокай і цікавай творчай палітрай. Зразумела, што і складам удзельнікаў гэтага працэсу і, натуральна, вынікамі. Я абсалютна сур'ёзна і адказна кажу, што ўсё самае каштоўнае, самае цікавае, што адбывалася ў культуры апошніх 20 год, адбылося менавіта ў сферы культуры не бюджэтнай, не дзяржаўнай, а ў культуры, накіраванай не на гадаванне лаяльнасці, а наадварот, на выхаванне пэўнай культурнай свабоды. У тым ліку да самых разнастайных культурніцкіх плыняў і традыцый.
Палітычны крызіс, у які мы трапілі ўлетку мінулага году, вызначыў моц незалежнай культуры — там пачаўся вельмі энергічны, вельмі выбуховы культурніцкі варушняк, з'явілася безліч новых візуальных працаў, новая вулічная графіка, новая лексіка літаратурная, у тым ліку і паэтычная, новыя музычныя творы і гэтак далей. З'явілася вельмі шмат аператыўных водгукаў на сітуацыю, якія пазначылі зусім іншае, незвычайнае для стагнацыйнай дзяржаўнай культуры вымярэнне нашай мастацкасці. Ясна, што ў сітуацыі палітычнага супрацьстаяння, калі дзяржава вельмі жорстка і энергічна абараняла сваё права кіраваць грамадствам, культура крэатыўная, «іншая культура» натуральным чынам ператварылася ў культуру нязгоды, культуру непакою, культуру інтэлектуальнага нонканфармізму і ідэйнага супраціву. І ясна, што вось такая культура нязгоды, школа свабоднага мыслення і незалежнага асэнсавання рэчаіснасці, у гэтай сітуацыі вельмі адэкватна, я б сказаў, паразумелася дзяржавай як крыніца праблемаў.
У той жа час дзяржаўная культура ў гэтай сітуацыі імкліва абнулілася. Тут былі патрэбныя нейкія моцныя слоганы, свежыя ідэі, але дзяржаўная культура здолела паказаць толькі набор спарахнелых шаблонаў, банальных спасылак на гераічныя савецкія слоганы і нічога болей. Інакш кажучы, сістэма дзяржаўнай культурнай індустрыі зрабілася абсалютна бездапаможнай перад выклікамі новай эпохі. І вось гэтае абнуленне адначасова з культурніцкай рэвалюцыяй, якая, я лічу, адбылася менавіта ўлетку і ўвосень мінулага году, у суме стварылі сітуацыю парушэння каштоўнаснага балансу. Альбо таго, што падавалася для ўлады каштоўнасным балансам.
Атрымалася так, што ідэйна вытрыманы прапагандысцкі рэсурс не здолеў перакрыць тую энергію нязгоды, якая выбухнула менавіта тым часам у сферы незалежнай культуры. Таму гэтае адчуванне небяспекі, звязанай са зменай базавых прынцыпаў масавага светапогляду, калі значная частка нацыі пачала жыць на іншай хвалі, прывяло фактычна да вайны культур, баявога супрацьстаяння нейкім зусім для дзяржавы незразумелым, варожым і трывожным поглядам на рэчы.
Але для вайны культур неабходная наяўнасць суразмернага супраціўніка. У нашай сітуацыі з боку афіцыйнай культуры быў татальны зэро: абсалютная адсутнасць крэатыву, абсалютная шаблоннасць і негнуткасць мыслення, адсутнасць энергічнага, яскравага, пераканаўчага выказвання. А з другога боку быў вось гэты самы культурніцкі выбух, які ўспрымаўся як ідэалагічны выклік, як светапоглядная дыверсія. Ідэйнае супрацьстаянне штучна пераключылі ў сілавы фармат. Калі мастак успрымаецца не проста як артыст, а як ідэйны супраціўнік, калі музыка, журналіст ды хто заўгодна з творчага асяроддзя ўспрымаецца не проста як іншы, а як варожы, вось тады пачынаюць працаваць базавыя прынцыпы самазахавання: ворага трэба знішчыць, супраціўніка трэба прыбраць. А іншых рэсурсаў, акрамя рэпрэсіўных, улада для сябе не знайшла. Спрацаваў стандартны шаблон бюракратычнага апарату: «Хто зачыншчык? Хто дазволіў? Хто ўсё гэта запусціў?» Бюракратычнай сістэме, якая кіруецца выключна загадамі і дырэктывамі, немагчыма ўявіць сабе, што грамадства здольнае да чагосьці прыйсці самастойна. У нязгоды абавязкова павінен быць рэжысёр, у нязгоды абавязкова ёсць лялькаводы. А каго прасцей за ўсё залічыць да лялькаводаў? Ну, ясная справа: таго, хто выдзелваецца, таго, хто гучна крычыць, таго, хто робіць нейкія заўважныя і яркія мастацкія жэсты.
Роспач ад хвалі ад'ездаў? Дарэмна
Што да пытання аб масавай культурніцкай эміграцыі, часовай ці не, то, па-першае, кожны чалавек мае права на абарону ўласнай бяспекі. Кожны мае права на тое, каб берагчы і абараняць сябе і сваіх блізкіх. Таму ніколі не змагу сказаць штосьці кепскае ў адрас тых, хто з'язджае. Бо чалавек мае права на выбар, права на мабільнасць і самазахаванне.
Па-другое, мне падаецца, што нашыя разважанні — пра тое, што вось хтосьці з'ехаў, маўляў, нас кінуў, мы тут засталіся, а іх з намі няма і г. д., — будуюцца на ўяўленнях пазамінулага стагоддзя. Бо тады, калі чалавека з табой побач не было, гэта была неверагодная страта, бо існавалі мінімальныя магчымасці камунікацыі ды захавання сваёй прысутнасці — хай сабе ідэйнай, эстэтычнай — ў тым асяроддзі, з якога ты з'ехаў. Тады зьмена каардынатаў тваёй геаграфічнай лакацыі часам мела і трагічныя наступствы. Як шмат для каго ў эмігранцкім асяроддзі, калі чалавек сыходзіў з роднай старонкі — і гэта было для яго фактычна жыццёвай катастрофай, жыццёвай паразай.
Але сёння мы існуем у сітуацыі адчыненай інфармацыйнай глабальнай прасторы. Сёння інфармацыйная прысутнасць больш значная і больш мацнейшая за фізічную прысутнасць у канкрэтнай прасторы. Асабліва калі мы кажам пра культуру. Больш за тое, фізічная адсутнасць на тэрыторыі небяспекі, на тэрыторыі часам катастрафічных падзеяў, для творцы можа быць значна больш карыснай. Дыстанцыя стварае магчымасці для рэфлексіі. Калі ты ў цэнтры падзеяў — ты закладнік сваіх эмоцый, закладнік пачуццяў. Каб гэта ўсё адбілася ў тэкст, музыку, выяву, фільм, у што заўгодна, — патрэбная пэўная дыстанцыя. Таму, як ні дзіўна, вось гэтыя дыстанцыі ці межы могуць працаваць на карысць крэатыўнага выказвання.