Першы амбасадар Польшчы ў Беларусі прафесар беларусіст Эльжбета СМУЛКОВА пільна сочыць за беларускімі падзеямі.
Сваімі думкамі прафесар,якая аддала вывучэнню Беларусі каля 60 гадоў , падзялілася з карэспандэнтам газеты «Белорусы и рынок».
— Ці актыўна сочаць у Польшчы за падзеямі на Беларусі? Як польскае грамадства ставіцца да іх?
— У польскім грамадстве было агромнае захапленне і падтрымка таго, што адбывалася мінулым летам. Тое, што беларускае грамадства пратэстуе выключна мірнымі метадамі, што можа гэта рабіць з гумарам, з песнямі, з кветкамі, зрабіла на нас вялікае ўражанне. Гэта было настолькі паўсюдным, што мяне часам спынялі нават выпадковыя людзі, калі ведалі, што я нешта маю супольнае з Беларуссю, і выказвалі сваё прызнанне беларускаму народу.
Калі я рабіла прышчэпку ад кавіду, маладая доктарка пачала са мной глыбокую размову пра Беларусь і яе народ. А цяпер жа, калі я пачынаю пытаць у людзей, што яны разумеюць у беларускіх падзеях, то яны не тое што страцілі веру (перамога ў выніку будзе за народам), але тут у нас разумеюць, што беларускія ўлады з гэтай хваляй гвалту перайшлі мяжу.
Зацікаўленасць трошкі падае, перамагае спачуванне. Людзі ў Польшчы непакояцца, што з гэтага будзе далей. Спачуваем беларусам, але маем пачуццё бязсільнасці, што так мала можна дапамагчы.
— Вы вывучаеце Беларусь каля 60 гадоў. Чакалі такога масавага паўстання, уздыму нацыянальнай свядомасці?
— Тыя падзеі мінулага лета, калі ўсе пачалося, не былі для мяне нечым дзіўным і зусім нечаканым. Многім польскім журналістам і палітыкам, якія пісалі, што беларусы — такі абыякавы народ, без самасвядомасці, а раптам узнiкла такая высокая свядомасць, я супрацьпаставіла высновы нават са сваіх даўнейшых артыкулаў: што гэта не так, дакладней — не зусім так. Нельга пазбаўляць беларусаў нацыянальнага пачуцця. Яно проста іншае, больш унутранае, не такое эксклюзіўнае, але яно ёсць. Не такое, як наша, але пачуццё сваёй годнасці было заўсёды і цяпер рэалізуецца адкрыта.
Для мяне было сюрпрызам тое, што гэта так спантанна абрынулася, без нейкай відомай арганізацыі. Падрыхтоўка, можа, і была, яе не магло не быць зусім, але настолькі няяўная, што мы ўспрымалі гэта як эмацыйны выбух і адзначылі вялікае ўменне пры гэтым абмежаваць хуліганства.
Гэта было спакойна, з кветкамі, з прыгожа апранутымі жанчынамі. Дзяўчаты здымалі абутак, калі станавіліся на лаўкі, каб быць вышэй і бачыць.Гэта ўспрымалася з радасцю, павагай і шанаваннем. Цэламу свету, а Еўропе напэўна, беларусы паказалі сваю сутнасць, годнасць і крыху нечаканую ўзаемную салідарнасць.
Што на мяне асабіста зрабіла вялікае ўражанне, дык гэтыя пазнейшыя сустрэчы ў дварах. Тыя бліжэйшыя суседскія кантакты, такога ў нас не было і няма. Я не памятаю, каб у нас былі такія мясцовыя калектыўныя супольнасці.
— На беларускае грамадства абрынуліся рэпрэсіі. Ці доўга можа гэта працягвацца, цяпер жа XXI стагоддзе?
— Выпадак з прымусовай пасадкай самалёта сведчыць пра тое, што беларускія ўлады зусім не лічацца з міжнароднай рэакцыяй. Думаю, што гэта будзе адным з трыгераў значнага пагаршэння стасункаў з міжнароднай супольнасцю. Бо іншыя народы таксама маюць сваю годнасць, шануюць правы чалавека, сур’ёзна ставяцца да дэмакратычнага ладу і доўга цярпець такія парушэннi не будуць.
У 1995 годзе, калі я пакідала пасаду амбасадара ў Мінску, я ў развітальнай размове,чакаючы палемікі, сказала Лукашэнку: «Веру, што вы хочаце дабра для народа, але некаторыя метады, якія дэманструеце, гэтаму пярэчаць». Ён мне тады спакойна адказаў: «Так, усе могуць памыляцца». Мне і цяпер хацелася б сказаць яму: «Вы памыляецеся. Так нельга. Гэта можа вельмі цяжка скончыцца».
Тое, што мяне здзіўляе, — узровень зверстваў. Як можна так біць, так катаваць, так нягодна ставіцца да арыштаваных людзей? Здзіўляе, што няма пратэсту з боку сілавікоў. У гэтых турмах, СІЗА працуюць людзі, і яны не задумваюцца над тым, што перад імі такі ж другі чалавек... Такая зверскасць… Але не будзем крыўдзіць звяроў.
— Польшча таксама перажывала складаныя часы ваеннага становiшча, пазбаўлення ад камуністычнай дыктатуры. Бачыце паралелі з часамі ваеннага становiшча ў Польшчы?
— Паралелі ёсць, але знешнія, і яны маюць меншае значэнне, чым адрозненні. Калі ў Польшчы было абвешчана ваеннае становiшча, людзям адключылі тэлефоны, аб’явілі каменданцкую гадзіну. Гэта была зіма, было мноства вайскоўцаў на вуліцах Варшавы, гарэлі вугальныя абагравальнікі для вартаўнікоў. Транспарт на нейкі час спыніўся. У першы ж дзень ваеннага становiшча я пешшу пайшла да маёй настаўніцы, прафесара Яблоньскай, бо транспарт, тэлефоны не працавалі, а прафесар самотная і хворая. Я ўзяла ежу і пайшла да яе. Мяне некалькі разоў затрымлівалі вайскоўцы, пыталіся, што я нясу, заглядалі ў сумку. Маю гэты досвед — што не магу ёй пазваніць, не ведаю, як ёй дапамагчы, што ёй трэба. А затрымоўваюць мяне не ворагі, а нашыя польскія вайскоўцы, маладыя, здаецца, сімпатычныя хлопцы. Такога ў Беларусі не было, а ў нас быў такі даволі доўгі перыяд. Усякія пратэсты разганялі вадамётамі, газам ці ціскам паліцыі. Такое было і да аб’яўлення ваеннага становiшча. Гэта падобна на вашу сітуацію, але такога здзеку над людзьмі ў турмах, як у Беларусі, у нас не было. Людзі былі бітыя ў турмах, але гэта былі выняткі.
У першую ноч ваеннага становiшча арыштавалі вельмі шмат людзей проста ў кватэрах і пасадзілі ў турму ў варшаўскай Белаленцы. Там сядзелі нашыя калегі з універсітэта. Ніхто з маіх блізкіх, ні муж, ні я не былі арыштаваныя, але многа маладых знаёмых з малымі дзецьмі засталіся самі, мужчын захапілі ўначы і не далі ім зусім ніякага часу. Аднак жа, наколькі мне вядома, усе яны выйшлі з турмы цэлымі і здаровымі.
Але каля сарака чалавек страцілi жыццё. Гэта было і на шахце «Вуек», і на карабельні ў Гданьску, і ў іншых месцах. Але ў Беларусі ёсць загінулыя.
У Польшчы, здаецца, менш людзей непасрэдна пацярпелі ў параўнанні з вамі. І напэўна не было такіх фокусаў як з гэтым самалётам, бо гэта ж абсалютна немагчыма.
— Беларускія ўлады абвінавацілi прадстаўнікоў польскай меншасці ў гераізацыі нацызма. Ці маюць яны рацыю?
— Гэта абсурд, iлжывая падстава, каб прычапіцца да актывістаў польскай меншасці. Іх арышт і закрыццё польскай школы ў Брэсце адначасова парушае чатыры артыкулы (13—16) Дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і сяброўскім супрацоўніцтве, падпісанага 23 чэрвеня 1992 года ў Варшаве.
Тое, што беларускія ўлады схапіліся за нацыяльныя праблемы, для мяне ў некаторым сэнсе зразумела. Зараз пры ўладзе прыхільнікі гістарычнай традыцыі Савецкага Саюза, дзе ўсё добрае для беларускага народа пачынаецца пасля падзелу
Рэчы Паспалітай і аб’яднання Беларусі з Расіяй, а ў паляках яны бачаць ворагаў. Таму антыпольскасць беларускага рэжыму я звязваю з розніцай бачання гісторыі.
Грамадзяне Беларусі польскага паходжання назіралі змаганне палякаў за сваю свабоду і цяперашнія вынікі, якія свабода і дэмакратыя далі сучаснай Польшчы. Улады не хочуць, каб беларускія палякі сталі авангардам дэмакратычнага руху на Беларусі.
— Як у такі цяжкі момант можна дапамагчы беларускаму грамадству?
— Магу сказаць толькі пра тое, што мне добра вядома. Існуе пашыраная праграма Каліноўскага, ужо не толькі для студэнтаў, але і для маладых навуковых супрацоўнікаў, якія страцілі працу, або ня могуць там абараніцца. Некаторыя прафесары маюць працу ў польскіх ВНУ. Дапамога беларусам даводзіць, што мы стараемся падтрымліваць грамадзянскую супольнасць. Вельмі важна старацца, каб не было супярэчнасцяў паміж беларускай эміграцыяй і беларусамі, якія засталіся ў Беларусі, каб дзеянні супраць рэжыму былі сумесныя, скаардынаваныя.
Калі Пуцін бачыць, як паводзяць сябе беларускія ўлады, і, нягледзячы на гэта, іх падтрымлівае, гэта значыць, што яму важна, каб Беларусь рухалася ў прарасійскім кірунку. А нам важна, каб наш сусед меў ад нас падтрымку і развіваўся самастойна і каб мы мелі добрае супрацоўніцтва з Беларуссю. Гэта наша найбліжэйшая ўсходняя краіна з вельмі вялікай мяжой. Вось у гэтым бачу розніцу інтарэсаў.
Магчыма, пры міжнароднай падтрымцы, пры ўздзеянні дэмакратычнага свету на прэзідэнта Пуціна можа ўсё змяніцца. Лёс беларускай улады вельмі моцна залежыць ад яго. Лягчэй за ўсе было б Пуціну вырашыць пытанне Беларусі. А з другога боку, пры міжнароднай пасіўнасці (мы гэта вельмі выразна адчулі у 1939 годзе) сітуацыя ў Беларусі яшчэ нейкі час можа зацягнуцца.
Польшча ставіцца да Беларусі як да найбліжэйшага суседа, з якім трэба будаваць прыязныя адносіны, і наш інтарэс, каб Беларусь была незалежнай і дэмакратычнай.Тым больш, што гістарычны вопыт Польшчы ў стасунках з Расіяй не аптымістычны.
— Цi магчымыя далейшыя дзеянні па вызваленні кіраўнікоў польскага руху — Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута?
— Спадзяюся, што польскія ўлады будуць у далейшым старацца, каб нармалізаваць іх сітуацыю, але на выезд з Беларусі яны абое нязгодныя. Трэба рабіць для іх усё тое, што і для іншых грамадзян Беларусі. Сітуацыя ў краіне настолькі жудасная, што да ўсіх, хто зазнаў ганеннi, трэба ставіцца аднолькава, незалежна ад нацыянальнасці.