Кавід, а пасля шэраг палітычных і эканамічных крызісаў неаднолькава паўплывалі на турызм у розных мясцінах Беларусі. Найбольш пацярпела ад іх былая турыстычная сталіца нашай краіны – Гарадзеншчына, затое забытая глыбінка ачуняла.
Сярод усіх беларускіх мясцін самую вялікую колькасць замежных турыстаў прымае Мінск – за 2023 год сюды прыехала 119 тыс. гасцей з-за мяжы. Другой турыстычнай сталіцай Беларусі стаў Брэст – заходнюю правінцыю за мінулы год наведалі 80 тыс. турыстаў. Яна моцна абганяе іншыя рэгіёны: трэцяе месца займае суседняя з Расіяй Віцебская вобласць – з усяго 20 тыс. замежнікаў за год.
Такія лічбы прыведзеныя ў зборніку Белстата “Рэгіёны Рэспублікі Беларусь”.
Статыстыка апошніх гадоў паказвае драматычны абвал турызму на Гарадзеншчыне – у 2019 годзе, да кавіду і палітычных крызісаў, Гродзенскую вобласць наведалі 125 тыс. замежных турыстаў. Тады менавіта гэты рэгіён быў лідарам пасля сталіцы. З тых часоў паток змялеў да 5,5 тысяч – у дваццаць разоў! Для параўнання, па ўсёй краіне замежны турызм з 2019 па 2023 скараціўся менш чым удвая.
Мінск застаўся найменш пацярпелым – замежны турызм знізіўся ўсяго на 2%.
Ці замясцілі беларусы замежнікаў?
Самі беларусы як турысты сталі ездзіць за мяжу амаль у два разы радзей у параўнанні з 2019 годам. Недахоп уражанняў яны кампенсавалі паездкамі ўнутры краіны – такі напрамак падскочыў на 60%.
Бенефіцыярам перамен стала менавіта тая глыбінка, якая раней была нецікавая для турыстаў. Найбольшы рост паказчыка адбыўся ў найменей турыстычнай Гомельскай вобласці. Хаця гэты рэгіён застаўся на апошнім месцы ў краіне, паток беларусаў-наведвальнікаў павялічыўся з 27 да 82 тысяч - адразу ў тры разы. Таксама радыкальны рост паказала Віцебская (+97%) і Магілёўская вобласці (87%).
У абсалютных лічбах Брэст застаецца топавым местам для арганізаваных турыстычных паездак беларускіх грамадзян – ен ў чатыры разы перавышае Менск (934 тыс. чалавек супраць 212 тыс.).
А што з Гродна, які перажыў крызіс замежнага турызму? Наведванне беларусамі павялічылася на 36,6 тысяч чалавек (да 80 тыс.) – гэта не змагло кампенсаваць адток 120 тыс. замежнікаў.
Гатэлі змаглі аднавіцца, сядзібы – пачалі падаць
Колькасць гасцей у беларускіх гатэлях у 2023 году перавысіла паказчык 2019 года і дасягнула 2,18 млн чалавек – наперадзе з кратным адрывам Мінск (800 тыс. за год), наступная – Брэсцкая вобласць (330 тыс.). Адсотак загрузкі гатэляў вярнуўся на ўзровень блізкі да 2019 года ва ўсіх абласцях і складае ў правінцыях 24-30%.
Наведванне аграсядзіб змяншаецца, але тут ролю адыгралі не пандэмія і палітычныя крызісы, а заканадаучыя абмежаванні, якія пачалі дзейнічаць з 2022 года. За два гады колькасць гасцей аграсядзібаў скарацілася на 113 тысяч чалавек – гэта пятая частка ад былога патока. Скарачэнне адбылося ва ўсіх рэгіёнах, найбольш пацярпела Віцебская вобласць, дзе колькасць турыстаў у аграсядзібах скарацілася на 34%: з 64 тыс. да 42 тыс.