THE KRАМА. Гісторыя стварэння онлайн-каталога на 500+ беларускіх тавараў

2025-02-24 17:48:49
"Марыя ВАЙТОВІЧ"
Фото: TheKrama

Дзе хутка набыць беларускія сувеніры, кнігі, упрыгожванне і вопратку? Ці магчыма сабраць падарунак з нацыянальным каларытам без паходаў па маркетах ці пошукаў у інстаграме? Якім чынам маленькі куточак продажу ператварыўся ў сапраўдную The Krama — цяпер ужо з уласным інтэрнэт-каталогам і магчымасцю набываць тавары онлайн?

Калі вы таксама не ведаеце адказаў на гэтыя пытанні, маем для вас добрую навіну. Ужо амаль два месяцы ў інтэрнэт-прасторы працуе thekrama.com, у якой у два клікі можна замовіць больш за 500 тавараў ад беларускіх майстроў, дызайнераў і выдавецтваў.

Падрабязнее пра гісторыю праекта, а таксама магчымасці, якія з’явіліся ў пакупнікоў пасля з’яўлення гэтага онлайн-каталога, расказвае заснавальніца The Krama Алеся Гмір.

“Хацелася рабіць нешта карыснае для беларусаў ”

У 2019 годзе Алесю запрасілі на працу ў польскую касметычную кампанію, дзе яна працавала сеньёр брэнд-мэнэджаркай. Яшчэ на радзіме дзяўчына атрымала добры досвед у сферы маркетынгу и запуску касметычных прадуктаў, таму на новым месцы ўсё складвалася даволі няблага.

Пратэсты, пасля якіх за мяжу пераехала шмат рэпрэсаваных грамадзян Беларусі, а таксама вайна ва Украіне цалкам перавярнулі жыццё нашай суразмоўніцы.

— У 2022 годзе я прыйшла працаваць адміністратаркай у культурную прастору ў цэнтры Варшавы, дзе праходзілі розныя сустрэчы, канцэрты ды іншыя імпрэзы. Хацелася рабіць нешта карыснае для беларусаў.

На івэнтах у мяне была магчымасць пазнаёміцца з беларускімі культурнымі дзеячамі, пісьменнікамі, музыкамі, майстрамі. Усіх аб’ядноўвала тое, што кожны хацеў займацца сваёй асноўнай працай — творчасцю. Складанасці былі таксама аднолькавыя.  Каб арганізаваць сталы продаж, напрыклад, беларускіх сувеніраў праз сацыяльныя сеткі ў новай краіне, трэба прасоўваць сваю старонку амаль з нуля. Праца з буйнымі макет-плэйсамі патрабуе досведу і ведаў, а ўдзел у мясцовых польскіх рамесніцкіх маркетах можа каштаваць нават да некалькіх тысяч злотых. Дзе браць час ды грошы на развіццё творчай дзейнасці, калі трэба яшчэ недзе працаваць, каб мець магчымасць заплаціць за базавыя патрэбы: жыллё ды прадукты харчавання?

Каб беларусы даведваліся пра творчасць нашых майстроў і літэратараў, мы дазволілі пакідаць ім нешта ў нашай прасторы. У хуткім часе, я перазнаёмілася з процьмай культурных дзеячаў. Жадаючых скарыстацца нашым куточкам станавілася ўсё больш, таму у 2023 годзе мы набылі касавы апарат ды тэрмінал і пачалі працаваць як The Krama.

Мастакі, майстры, вядомыя брэнды. З кім яшчэ супрацоўнічае The Krama?

Алеся распавядае, што адкрыццё крамы натхніла беларусаў ладзіць усё больш розных культурных імпрэз.Так аднойчы ў прастору завітаў знакаміты гісторык і культуролаг Алесь Белы, які прэзентаваў сваю кнігу “Самы цымус”.

— Гэта зборнік рэцэптаў беларуска-габрайскай кухні, якія Алесь збіраў даволі доўга, — дзеліцца ўспамінамі наша суразмоўніца. — Гэтую кнігу вельмі прыемна гартаць. Там сапраўды апісана шмат спосабаў прыгатавання смачных страваў, якія большасці беларусаў нават не сніліся. Яны праілюстраваныя прыгожымі малюнкамі.

А яшчэ падчас прэзентацыі Алесь сам гатаваў імберлах — гэта такі дэсерт з морквы. Госці былі ў захапленні і ад аўтара, і ад яго аповядаў, і ад пачастунка.

Часам у краме здараюцца нейкія незвычайныя гісторыі. Знакамітасці, якія зазіраюць сюды і па-свойску размаўляюць з працаўнкамі і наведвальнікамі, падпісваюць кнігі, набываюць нешта сабе — тут ужо нікога не здзіўляюць.

Але быў адзін выпадак, які ператварыўся ў мясцовую легенду. Вось, як пераказвае яе Алеся:

— Карацей, ёсць адзін вельмі знакаміты беларускі мастак, імя якога я, напэўна, не буду называць. Неяк ён прыйшоў да нас і набыў сабе ўсяго рознага на дзве тысячы злотых! Мы ўсе раты паадкрывалі.

За дзве тысячы злотых сёння можна зняць пакой у Варшаве — відаць, таму чэк пакупніка так здзівіў супрацоўнікаў прасторы.

З іншага боку, калі мець у кішэнях столькі грошай, пакінуць іх у краме не так складана. І не таму, што тут вялікія кошты, а праз тое, што хочацца набыць адразу ўсё. У краме можна знайсці падарунак сабе ці сваім сябрам на любы густ і гаманец.

Глядзіце самі.

На сёння The Krama прапануе:

1. Кнігі сучасных беларускіх аўтараў, а таксама пераклады вядомых твораў сусветнай літаратуры на беларускую мову. 

Крама супрацоўнічае з выдавецтвамі Янушкевіч і “Кнігаўка”, Gutenberg Publisher, kamunikat.org, Słowianka, Skaryna Press, а таксама з розными незалежнымі аўтарамі.

Алеся кажа, што ў бібліятэцы The Krama захоўваецца больш за 250 найменняў кніг.
 

2. Дызайнерскае адзенне праектаў: ​CiesnaBrama, Вітанкі з Беларусі, Тутэйшыя, Шуфлядка, Модная Цішотка.

3. Аўтарскія ўпрыгожванні майстроў і майстэрняў: Bioevgenika, Amira Perun, Wood Family, Mokash, Yul’ok

4. Мерч незалежных мастакоў: Антось Радзівонаў, Коцікі Свабоды by Olga Yakubouskaya, Mila Kotka.

5. Мерч ініцыятываў ByProsvet, Heart Breaking Performance, Belarusian Youth Hub і беларускіх музыкаў.

6. Тавары з беларускай сімволікай: сцягі, налепкі, паштоўкі і шмат чаго іншага.
 

Новы адрас і новыя выклікі

Калі чытаеш спіс тых праектаў, майстроў, мастакоў ды пісьменнікаў якія супрацоўничаюць з The Krama, можа падацца, што мы маем справу з вельмі буйным і паспяховым праектам.

Алеся смяецца, маўляў, праект, канешне, буйны, але працаваць над ім адной даволі складана.

— З іншага боку, добра працуе сарафаннае радыё, за што я вельмі ўдзячная нашым цудоўным кліентам. Не было і тыдня, каб да нас не завітаў нейкі новы госць са словамі “А, гэта тая самая беларуская крама ў Варшаве?”. У выніку гэты выраз і стаў нашым слоганам.

Родныя беларускія кліенты

Алеся Гмір кажа, што можа гадзінамі распавядаць не толькі пра майстроў, мастакоў і пісьменнікаў, чыімі вырабамі і кнігамі гандлюе, але і пра сваіх пакупнікоў.

— Вельмі часта заходзяць людзі і набываюць БЧБ-сцягі. Некаторыя з іх згадваюць, што адсядзелі ў Беларусі за сімволіку, і цешацца, што хоць у Польшчы могуць дазволіць сабе свабодна накінуць сцяг на плечы, павесіць на сцяну і гэтак далей. Я неаднаразова бачыла, як пры набыцці нашых сцягоў ці нават магніцікаў з Пагоняй людзі плакалі. Гэта вельмі сумна і вельмі кранальна.

Калі казаць пра смешныя выпадкі, то часта прыходзяць людзі, якія просяць падабраць ім якую-небудзь беларускую кнігу, дадаючы — “але, толькі вясёлую”. Мы звычайна жартуем, што такіх беларусы не пішуць. Насамрэч — гэта, канешне, толькі жарт. У нас шмат і вясёлых, і натхняльных кніжак.

Яшчэ вельмі прыемна, дарэчы, калі кліент просіць падабраць яму кнігу, каб нарэшце пачаць чытаць на беларускай мове. Я разумею, што, магчыма, яна ў яго праляжыць на палічцы яшчэ тры гады, але дакладна будзе нагадваць пра сябе і звяртаць на сябе ўвагу сяброў свайго гаспадара.

Цяпер не толькі The Kramа, але і Thekrama.com

Алеся кажа, што час ад часу выяжджае на розныя маркеты. Там яна знаёміцца з новымі беларусамі, якія пасля папаўняюць асартымент крамы, а таксама са сваімі прыхільнікамі.

— Нехта фатаграфуе наш стол і адразу адпраўляе здымкі сябрам, каб тыя выбралі сабе падарункі, яшчэ нехта расказвае, што сочыць за намі ў нашым інстаграме.

Абсалютна на кожным маркеце мяне запытвалі, калі ж у нас нарэшце з’явіцца онлайн-каталог, каб можна было замаўляць нешта, не выходзячы з дому і не прыяжджаючы ў Варшаву. Дык вось — добрая навіна.

Некалькі месяцаў я і валанцёры, якія мне дапамагаюць, працавалі над старонкай The Kramа.com ў інтэрнэце. Мая сяброўка альтруістычна адфатаграфавала для яе больш за 500 найменняў тавараў.

Зусім нядаўна сайт пачаў сваю працу, і вы можаце завітаць да нас проста цяпер, не адыходзячы ад манітораў сваіх кампутараў, а проста набраўшы ў пошуку: thekrama.com. Пакуль там некалькі раздзелаў: “Адзенне”, “Біжутэрыя”, “Кнігарня”, “Календары”, “Мастацтва”, “Музыка”, “Падарункі”, “Сувеніры”.

У будучыні мы плануем дадаваць сюды новы асартымент. Уволгуле, планаў шмат. Пакуль галоўнае, што падтрымаць беларускіх майстроў, мастакоў і пісьменнікаў вы можаце з любога горада Еўрасаюза. Для жыхароў Польшчы ёсць магчымасць атрымаць бясплатную дастаўку да пачкамату інпост пры заказе ад 250 злотых. Таксама ёсць функцыя напісаць нам, каб мы сабралі для вас пасылку з падарункамі для калег ці блізкіх, мы прыгожа запакуем падарунак і вышлем наўпрост да вашага сябра.

Заходзьце ў нашую “тую самую беларускую краму”, як у госці да сваіх сяброў, бо менавіта так мы ставімся да сваіх калег і наведвальнікаў. Ну а калі хочацца нечым дапамагчы, пакуль крама развіваецца, пішыце https://www.thekrama.com/cantacts  ці заходзьце ў наш шоурум у Варшаве на Dożynkowa 6A (st. m. Racławicka). 
Мы працуем з панядзелка па пятніцу з 15:00 да 19:00.
 

Читайте нас в:

Подписывайтесь на нас в соцсетях

Cамые свежие новости всегда с вами!